Лета — цудоўная пара для таго, каб атрымаць зарад бадзёрасці на ўвесь год. Бацькі загадзя клапоцяцца аб тым, дзе і як дзіця будзе праводзіць лета. Лепшы варыянт — адправіць малога ў вёску да родных або паехаць усёй сям’ёй на мора. Але не ва ўсіх ёсць такая магчымасць. Многія дзеці праводзяць лета ў дзіцячым садку. У нашай дашкольнай установе створаны бяспечныя і спрыяльныя ўмовы для эфектыўнай аздараўленчай і адукацыйнай работы з выхаванцамі.
Асноўнымі напрамкамі арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей з’яўляюцца: арганізацыя рацыянальнага распарадку дня, забеспячэнне неабходнай працягласці сну, стварэнне ўмоў для аптымальнага рухальнага рэжыму, разнастайнай гульнявой дзейнасці, забеспячэнне аздараўленчых мерапрыемстваў, паўнацэннае рацыянальнае харчаванне, забеспячэнне атмасферы псіхалагічнага камфорту.Тэрыторыя нашага дзіцячага сада дакладна прадумана. Гульнявыя пляцоўкі маюць травяное пакрыццё, агароджаны кустамі. На прасторных верандах знаходзяцца цацкі і спартыўны інвентар. Гульнявое абсталяванне пляцовак (горкі, пясочніцы, домікі) прыцягвае ўвагу малышоў яркімі фарбамі. Для заняткаў фізкультурай прадугледжаны: фізкультурная пляцоўка са спартыўнымі і гульнявымі комплексамі, кальцавая бегавая дарожка, яма для скачкоў. Ёсць пляцоўка для азнаямлення дашкольнікаў з Правіламі дарожнага руху. Летам у садзе дзеці шмат часу праводзяць на свежым паветры. Аптымальнае спалучэнне спецыяльна арганізаванай педагогамі і нерэгламентаванай дзейнасці выхаванцаў дазваляе кожнаму з іх займацца любімай справай. У прыярытэце — фізкультурна-аздараўленчая і мастацка-эстэтычная дзейнасць. Традыцыйна ў нашым садзе праводзяцца тэматычныя тыдні. На кожным тыдні прадугледжаны свой комплекс мерапрыемстваў. Іх тэматыка наступная: “Добры дзень, лета!”, “Солнце, воздух и вода — нашы лучшие друзья”, “Тыдзень нясумнага здароўя”, “Мая Радзіма — Беларусь”, “Праца людзей летам”, “Жывая і нежывая прырода”, “Тыдзень бяспекі”, “Цуды з лесу”, “В сказочном царстве, в сказочном государстве”, “Тыдзень летніх гульняў і забаў”, “Экалагічны тыдзень”, “Ад зярнятка да каравая”.З ранняга ўзросту мы фарміруем у выхаванцаў імкненне да здаровага ладу жыцця, заняткаў фізкультурай і спортам.
Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем гімнастыцы, рухавым гульням, фізкультурным святам. Ранішняя гімнастыка летам праводзіцца не толькі на фізкультурнай пляцоўцы, але і ў парку, на паляне, з выкарыстаннем шышак, галінак і іншага прыроднага матэрыялу. Кожны дзень з выхаванцамі праводзяцца рухавыя гульні і гульнявыя практыкаванні, як знаёмыя дзецям, так і новыя. Шмат увагі ўдзяляецца правядзенню беларускіх народных гульняў. Асабліва падабаюцца дзецям гульні “У казла”, “Грушка”, “Гарлачык”.Гульня “У казла” — старажытная гульня полацкага рэгіёна, якой падзяліліся з намі ўдзельнікі гісторыка-археалагічнага клуба “Княжыч”, што існуе пры Наваполацкім цэнтры культуры і рамёстваў.На дзіцячых пляцоўках у распараджэнні выхаванцаў спартыўны інвентар: бадмінтон, настольны тэніс, гарадкі, кеглі, мячы, рознакаляровыя шары, і шмат чаго іншага. Выхавальнікі сочаць за тым, каб пасля гульняў, якія патрабуюць значных фізічных намаганняў, дзеці далучаліся да больш спакойных гульняў, каб яны не перагрэліся на сонцы. Заняткі фізкультурай у вольны час разнастайныя па сваёй тэматыцы. У малодшай групе яны праводзяцца па тэмах “Верабейчыкі”, “Квактуха і кураняты”, “Спрытныя малышы”. У сярэдняй і старшай групах — па тэмах “Вясёлкавыя бурбалкі”, “Цікавыя гульнявыя практыкаванні”, “Гульня з лятаючымі талеркамі”, “Мяч праз сетку”, “Здароўе ў парадку”, “Гульнявы гарадок”. .Летам дзеці загартоўваюцца. Могуць басанож пабегаць (на пляцоўках травяное пакрыццё), пагуляць з вадой, пяском, пакупацца ў басейне. Прасторныя веранды дзіцячага сада абараняюць ад непагадзі і ад перагрэву ў спякотныя дні. Тут створаны ўмовы для арганізацыі заняткаў маляваннем, лепкай або канструяваннем, для чытання кніг, гульняў у настольна-друкаваныя гульні, разыгрывання сцэнак лялечнага тэатра або проста для адпачынку ў куточку адасаблення. Прадметна-развіццёвае асяроддзе створана клапатлівымі і ўмелымі рукамі педагогаў і бацькоў. Карысць для дзіцячага здароўя прыносіць пасільная праца: на агародзе, у кветніку, у куточку прыроды. Кожная ўзроставая група мае сваю градку на агародзе. Многія малышы назіраюць за працай бацькоў на дачы і ў дзіцячым садку з задавальненнем вырошчваюць свой ураджай разам з выхавальнікамі. Чаго тут толькі няма: буракі, пятрушка, цыбуля, бабовыя… Але самае галоўнае — гэта адчуванне радасці ад ураджаю, які яны самі вырасцілі. Наколькі цікава дзеці будуць праводзіць лета ў дзіцячым садку, залежыць ад жадання і ўмення выхавальнікаў зрабіць кожны дзень дзіцяці яркім. Калі адзін дзень падобны да другога, дзеці пачынаюць сумаваць. Нашы педагогі прыкладаюць усе намаганні, каб унесці ў жыццё выхаванцаў як мага больш разнастайнасці.












