
Не пагарджаць святым сваім мінулым,
А заслужыць яшчэ і вартым быць яго.
Ул. Караткевіч
Мы лічым, што задача сапраўднага педагога – выхаванне шчырых патрыётаў сваёй Радзімы, якія будуць любіць свой народ і сваю культуру, а значыць, краіну і дзяржаву. А як можна любіць, тое, што не ведаеш?! З мэтай фарміравання цікавасці дзяцей да айчыннай культуры, адраджэння гістарычнай спадчыны, вывучэння вытокаў беларускага слова, мы разам з дзецьмі і наведалі музей “Беларуская хатка”, які знаходзіцца у гімназіі № 4 г. Мінска.
Задачы:
- зацікавіць дзяцей гісторыяй роднага краю;
- выхаваць беражлівыя адносіны да свайго мінулага;
- назапасіць гістарычныя, краязнаўчыя, этнаграфічныя веды;.
Фальклорна-этнаграфічны музей “Беларуская хатка” быў створаны ў 2006 годзе. Аснова яго - экспазіцыя, складзеная з прадметаў сялянскага побыту. "Беларуская хатка” змяшчае наступныя раздзелы экспазіцыі: "Бабін кут”, "Быт селяніна”, “Музычныя інструменты”, “Рамёствы”.
- “Бабін кут” – гэта значыць гаспадарчы куток. Тут можна пакруціць кола калаўрота, палюбавацца прыгожымі ручнікамі, сурвэткамі, патрымаць у руках верацяно, вілкі, чапялу, стрыгач ці серп, зачарпнуць апалонікам у чыгуне, запаліць старажытны ліхтар, прасеяць муку праз рэшата і замясіць цеста ў дзежцы, даведацца аб прызначэнні ступы, маслабойкі.
- "Быт селяніна” – у разрэзе паказаны від сялянскай хаты канца 19 стагоддзя (без сенцаў). Размешчаны прадметы быту, упрыгожанні жылля, прадметы рэлігійнага накірунку;
- "Музычныя інструменты” – размешчаны інструменты, якія выкарыстоўваліся для правядзення свят (цымбалы, дудка, жалейка і інш.)
- “Рамёствы”:
- “Ганчарства” прадстаўлена наборам разнастайнага па форме і прызначэнні посуду;
- "Бандарства”– гаспадарчыя драўляныя ёмістасці;
- "Пляценнне” ўтрымлівае рэчы, зробленыя з саломы, лазы, лыку, лёну (кашы, лапці, рэзгіні і г.д.);
- "Ткацтва” ўтрымлівае саматканыя рэчы: ручнікі і посцілкі, вядзецца ўстаноўка станка для ткацтва (кроснаў);
- "Вышыўка” – змяшчаюцца вышыўкі рознай тэхнікі вышывання, сурвэткі. Тут можна паспрабаваць пакачаць ільняны ручнік, агледзець сялянскі гардэроб.



Многа можа родная зямля! Можа накарміць цябе цёплым і смачным хлебам, напаіць крынічнай вадой, зачараваць прыгажосцю сваёй прыроды. Таму любіць і шанаваць родную зямлю – абавязак тых, хто жыве на ёй, есць яе хлеб, п’е яе ваду, любуецца яе хараством.
