Ой, ладачкі-ладкі,
Надышлі Калядкі.
Мы дзеля Калядак
Напяклі аладак...
Сёння ў нашым дзіцячым садку прайшло фальклорнае свята "Калядкі", мэтай якога з'яўляецца далучэнне выхаванцаў да народных традыцый сваёй Радзімы, выхаванне павагі да нацыянальных традыцый і народных святаў беларускага народа.


У зале, прыбранай пад сялянскую хату, калядоўшчыкаў сустрэла Гаспадыня. Разам з Мядзведзем яны танцавалі, мясілі цеста, спявалі і спрабавалі зацірку. Цікавыя гульні прапанавала і Цыганка - "Падушачка" і "Варажба". Не абыйшлося свята і без Казы-Бадулі, якая падаравала ўсім прысутным добры настрой.




Прадоўжылася свята і ў астатніх групах. Усім нашым выхаванцам калядоўшчыкі падаравалі вясёлыя калядныя песні, гульні і добры настрой!


Прымаючы ўдзел у падобных мерапрыемствах, выхаванцы далучаюцца да беларускай культуры і традыцый, што з'яўляецца неад'емнай часткай духоўна-маральнага выхавання.
